З утварэньнем у сярэдзіне XIII старочча Вялікалітоўскага гаспадарства – Вялікага Княства Літоўскага, яго першы ўладца князь Міндоўг шукаў шляхоў дзеля праўдзівага ўмацаваньня й зацьвярджэньня Вялікага Княства на палітычнае мапе Эўропы. Зьдзяйсьненьне свае мэты Міндоўг бачыў у прыняцьці хрысьціянства, якое магло б адчыніць шлях і да атрыманьня каралеўскае кароны, што, зразумела,  моцна падвысіла б палітычны й дыпляматычны прэстыж Літвы ў  вачох эўрапэйскіх манархаў-хрысьціянаў. Неўзабаве Міндоўг прымае хрысьціянства: у 1246 року паводле ўсходняга абраду, а ў 1251 – паводле каталіцкага.
1253: Прыняцьце Вялікім Князем Літоўскім Міндоўгам каралеўскага тытулу
Адылі ў душы Міндоўг ня быў прыхільны да прынятае рэлігіі – крок гэты быў толькі палітычны: ужэ ў 1258 року Літоўскі кароль адмовіў ся ад хросту. Ва ўсялякім разе плян гаспадара зьдзяйсьняў ся.  І ў 1253 року папа Інакенці ІV дасылае Міндоўгу каралеўскую карону й бласлаўленьне на каранацыю. Гэтую пачэсную дату мажліва залічыць, фактычна, за афіцыйны пачатак гісторыі Вялікалітоўскае дзяржавы.
- Міндоўг. Малюнак J. Malinauskajte. 1989
- Наваградзкі замак. Сяньняшні выгляд