Першапачатковая сталіца Вялікалітоўскага гаспадарства знаходзіла ся па-за межамі першаснае “літвы” (Litvania Propria) – у Наваградку. Менавіта гэтае места Міндоўг выбраў у якасьці свае афіцыйнае рэзыдэнцыі. Адным з наступнікаў Міндоўга на вялікакняскім пасадзе стаў Гэдымін. Гэдымін быў даволі таленавітым палітыкам, тактыкам, вайскоўцам. Гэтыя якасьці ён напоўніцу ўвасобіў у свае дзяржаўнае дзейнасьці: Вялікі Князь стаў ся ўдзельнікам шматлікіх пасьпяховых выправаў супроць крыжакоў, стварыў, падтрымліваючы дыпляматычныя стасункі із Псковам і Польшчаю, антылівонскую кааліцыю. У нутраное палітыцы Гэдымін імкнуў ся як мага больш пашырыць агульнадзяржаўную цэнтралізацыю. З гэтае мэты ён і пераносіць у 1323 року сталіцу гаспадарства ў сэрца Балтыцкае дзяржавы – Вільню. Многія дасьледчыкі сьведчаць што на мейсцы Вільні ўжэ існаваў раней Крыўскі горад (што зваў ся Крывы Горад чы Крывіч-горад). Паданьне ж сьведчыць, што Вільня была заснавана Гэдымінам на мейсцы ўдалага паляваньня гаспадара, на якім сьвятар Лізьдзейка, патлумачыўшы сон ўладара, прадказаў веліч Вільні… |